УЛАДЗІ́МІР ВАЛАДА́РАВІЧ,
мяркуемы князь менскі і берасцейскі ў 2-й пал. 12 ст. Сын менскага кн. Валадара Глебавіча. В.М.Тацішчаў у «Гісторыі Расійскай» паведамляе, што У.В. валодаў Менскам і Бярэсцем. Драгічынскі кн. Васілька Яраполчыч з дапамогай палякаў і мазаўшан адабраў у яго Бярэсце, але хутка за 9 дзён У.В. жорсткімі штурмамі вярнуў горад і адкінуў палякаў да р. Нур. Васілька з дапамогай свайго цесця польскага кн. Лешка прымусіў У.В. пакінуць Падляшша і вярнуцца ў Бярэсце. У летапісах У.В. не ўпамінаецца, таму яго рэальнасць спрэчная.
т. 16, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)